У невідушчых людзей з’явілася магчымасць «чытаць» свежую прэсу і кнігі, выкарыстоўваючы спецыялізаваны плэер Webbox або яго вэб-версію. Не верылася, што ў Беларусі людзі з інваліднасцю па зроку змогуць пачынаць сваю раніцу з самастойнага чытання навінавых палос рэспубліканскіх і рэгіянальных газет, выбіраць на паліцах онлайн бібліятэк любімыя кнігі. Канструктыўнае супрацоўніцтва Беларускага таварыства інвалідаў па зроку і Цэнтра паспяховага чалавека прынесла свой плён, і новая інфармацыйная сістэма для людзей з інваліднасцю па зроку на базе плэера Webbox пачала сваю працу.
Аднак перад спецыялістамі Цэнтра паспяховага чалавека паўстала адно важнае пытанне: як агучыць выданні на беларускай мове? Адказ адзін – стварыць сінтэзатар гаворкі беларускай мовы і інтэграваць яго ў плэер Webbox. Задача няпростая, яе значнасць цяжка пераацаніць. Магчымасць слухаць перыядычныя выданні і кнігі на роднай беларускай мове – гэта неад’емная частка адукацыі і культуры невідушчых і слабавідушчых жыхароў Беларусі, усведамлення сваёй нацыянальнай прыналежнасці.
Стварэнне сінтэзатара гаворкі беларускай мовы немагчыма без фінансавай падтрымкі. Цэнтр паспяховага чалавека падаў заяўку на атрыманне гранта Міністэрства замежных спраў Каралеўства Нідэрландаў і атрымаў станоўчую ацэнку праекту «Слухай родную мову». Мы пачынаем сваю працу! Сачыце за навінамі на сайце Цэнтра паспяховага чалавека і партнёраў!